У артыкуле разглядаюцца пытанні правядзення нацыянальна-дзяржаўнай палітыкі, вядомай як беларусізацыя, пры распрацоўцы і ажыццяўленні якой неабходна было ўлічваць шматнацыянальны склад насельніцтва Беларусі, яго сваеасаблівае рассяленне на тэрыторыі рэспублікі. Увага засяроджваецца перш за ўсё на такім накірунку, як развіццё культуры нацыянальных меншасцей, для якіх стваралася сістэма экстэрытарыяльнай аўтаноміі; у школьнай справе вызначаўся прынцып забеспячэння правоў i магчымасцей кожнай нацыянальнасцi навучаць дзяцей на роднай мове; спрыяльныя ўмовы былі створаны для развіцця літаратуры, тэатральнага мастацтва. Змяніліся адносіны да беларускай мовы, якой быў нададзены статус дзяржаўнай, а таксама былі прызнаныя раўнапраўнымі з ёй руская, яўрэйская і польская мовы.